«Віленскае пытанне» ў Маскоўскім 1920 г. і Рыжскім 1921 г. дагаворах у кантэксце фарміравання Версальскай сістэмы міжнародных адносін
Main Article Content
Abstract
Разгледжаны палажэнні савецка-літоўскага Маскоўскага 1920 г. і савецка-польскага Рыжскага 1921 г. дагавораў, якія датычыліся «віленскага пытання». Гэтыя палажэнні разглядаюцца ў кантэксце фарміравання Версальскай сістэмы міжнародных адносін на яе ўсходнееўрапейскай перыферыі. Паказана, што ў Маскоўскім і Рыжскім дагаворах былі закладзены глыбокія супярэчнасці пры вырашэнні пытання аб прыналежнасці Вільні і часткі беларускіх паўночна-заходніх тэрыторый. Разуменне ўладамі Польшчы таго, што Літва будзе шукаць падтрымкі Савецкай Расіі ў вырашэнні «віленскага пытання», адбілася на вызначэнні лініі мяжы ў адпаведнасці з Рыжскім дагаворам на яе паўночным участку. Наяўнасць «віленскага канфлікту» паміж Польшчай і Літвой аслабляла ўстойлівасць Версальскай сістэмы ў Цэнтральна-Усходняй Еўропе. Па-першае, Савецкая Расія імкнулася выкарыстаць «віленскі канфлікт» у сваёй антыверсальскай палітыцы. Па-другое, вядучыя краіны Захаду, якія складалі ядро Версальскай сістэмы, так і не змаглі дабіцца вырашэння «віленскага пытання» ў адпаведнасці з іх бачаннем.